Што для вас беларуская мова?
А сапраўды? Якое месца ў жыцці беларускага грамадзяніна займае родная мова? Паразважаць на такое досыць актуальнае пытанне рэдакцыя вырашыла з людзьмі розных узростаў, прафесій, сацыяльных статусаў. Наталля Краўчанка, аператар машыннага даення в. Сенькава, 42 гады: — У мае школьныя гады навучанне праходзіла на рускай мове. І зараз, наколькі я ведаю, у адукацыйных установах заняткі вядуцца ў большасці па-руску. Лічу, што гэта не правільна. Бо ў кожнай краіне павінна быць свая родная мова. У той жа час, калі б нават цяпер захацелі размаўляць, дык не змаглі б, бо адвыклі: слова рускае, слова беларускае. Няма чыстай беларускай мовы ў Беларусі. Вось тут да месца былі б спецыяльныя праграмы або тэматычныя дзеянні з боку кіраўніцтва краіны па развіццю беларускай мовы. Бо моўнае пытанне ў нас ёсць. Васіль Галкоўскі, жыхар в.Раманавічы, пенсіянер: — Для мяне яшчэ з дзяцінства і школьных годоў дзве мовы – руская і беларуская — былі роўныя. Бо ў сям’і бацькі размаўлялі па-руску, і заняткі выкладаліся на гэтай мове. Але колькі б часу не мінула, роднай, адзінай мовай застаецца беларуская. Я вельмі люблю чытаць кнігі на беларускай мове, паважаю беларускія традыцыі. І так як сам пішу вершы, некаторыя з іх, безумоўна, на прыгожай беларускай мове. Зінаіда Багданава, выхавацельніца сярэдняй групы д/с п.Усход: — Мова – выток нашага жыцця. Увогуле, першыя яе асновы закладваюцца спачатку бацькамі. Потым працягваецца знаёмства з мовай у дзіцячым садку, школе. У нашай установе, безумоўна, выдзяляюцца асобныя гадзіны на ўдасканаленне ведаў па роднай мове. Па выніках бацькоўскага анкетавання вырашылі, што чацвер будзе днём вывучэння беларускай мовы: усе заняткі, размовы, выхаванне цалкам праходзяць па-беларуску. У астатнія дні ў садку праводзяцца так званыя беларускія хвілінкі: вітанні, гульні, вывучэнне беларускамоўных вершаў і слоў. Гэтага, канешне ж, не дастаткова. Але сітуацыя ў краіне склалася такая, што ў нас афіцыйна дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская. Таму людзі выбіраюць тую мову, на якой размаўляе большасць. Уладзімір Уласаў, галоўны эканаміст ЗАТ “АК “Зара”: — Беларуская мова – матчына мова. Калі чуеш размову ці чытаеш на беларускай мове, адразу ўспамінаюцца пейзажы беларускай зямлі. Але зараз насельніцтва размаўляе на рускай мове. Думаю, гэта не вельмі добра. Я адмоўна стаўлюся да таго, што мы забываем родную мову. У нас калектыў размаўляе па-руску, большасць спецыялізаванай літаратуры, дакументацыя таксама на рускай мове. Але гэта не апраўдвае нікога. З сям’і павінна пачынацца выхаванне роднай моваю. А далей – дзіцячы садок, школа, універсітэт. Тады мы ўкаранім беларускамоўе. Ірына Шарапкіна, вучаніца 11 класа Вяйнянскай САШ: — Канешне, беларуская мова – сувязь з нашымі продкамі, якія паклалі пачатак яе развіццю. Таксама – галоўная нацыянальна-культурная адметнасць, якая дапамагае адчуваць сябе сапраўдным беларусам. Наша мова каларытная, мілагучная…. Пра яе можна казаць шмат чаго добрага. Яна не проста прыгожая…. А гучыць асобнай мелодыяй, якая нараджае ў мяне гонар за Беларусь. Таму сорамна, што мы пазбаўляем сябе такога задавальнення. Каб наша нацыя стала беларускамоўнай, трэба вучыцца размаўляць і думаць на ёй яшчэ з маленства. Каб усе падручнікі былі на роднай мове ва ўсіх навучальных установах. Гэта, увогуле, дасць нам магчымасць сфарміраваць беларускамоўнае пакаленне. Запрашаем вас, паважаныя чытачы, выказаць свае меркаванні наконт гэтага пытання. Дасылайце свае лісты на нашу электронную скрыню або на адрас рэдакцыі газеты “Прыдняпроўская ніва”. Мы з задавальненнем прачытаем вашы разважанні. Самыя цікавыя – надрукуем у бліжэйшым нумары газеты.
Міні-інтэрвью правяла Алена САВІЦКАЯ.
Фота Ірыны БАЧКАРОВАЙ.