Нягледзячы на гарачую пару, гэту падзею нельга было пакінуць без увагі. Ушанаванне перадавікоў адбылося на палетках ЗАТ АК “Зара”, гаспадаркі, якая на працягу ўборачнай кампаніі не ўступае лідэрства, і дзе экіпаж у складзе У.В.Корсака і Р.С.Багачова першым у краіне намалаціў тысячу тон хлеба, а таксама раней за ўсіх у вобласці пераадолеў двух- і трохтысячныя рубяжы і, зноў жа, стаў першым чатырохтысячнікам у рэспубліцы.
У той дзень на свята завіталі: старшыня райвыканкама Дз.Дз.Гобараў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.І.Разганаў, кіраўнікі службаў, аддзелаў райвыканкама, сельгаспрадпрыемстваў-лідэраў.
Старшыню Магілёўскага аблвыканкама П.М.Рудніка і ўсіх гасцей народны ансамбль народнай песні “Славіца” Цэнтра культуры сустракаў “Прывітальнай”. “Каб свяціла наша сонца на ўсёй зямлі”, — пажадалі артысты. І сапраўды, сонца сёлета нават з-за хмар асвятляла дарогу хлебаробам Магілёўскага раёна, якія дзякуючы высокай арганізацыі працы, самаадданасці і майстэрству дабіваліся поспехаў.
Як даклаў губернатару старшыня Магілёўскага райвыканкама Дз.Дз.Гобараў, ва ўборачнай кампаніі ў раёне ў гэтым годзе прымае ўдзел больш за 600 чалавек. Працуюць 152 уборачныя экіпажы, 12 з іх намалацілі звыш тысячы тон зерня. Сярод гаспадарак лідыруюць: ЗАТ АК “Зара” (намалочана больш 15 тысяч тон пры ўраджайнасці 73 ц/га), СВК “Палыкавічы” (10 тысяч тон, 60 ц/га), СДП “Авангард” (больш 9 тысяч тон, 57,1 ц/га), ААТ “Магілёўская РАПТ” (больш 7 тысяч тон, 40,4 ц/га), ААТ АК “Усход” (больш 5 тысяч тон, 61,8 ц/га).
Што датычыць дзяржзаказу, то на 13 жніўня ён выкананы раёнам больш чым на 80 працэнтаў. У цэлым жа, як было заўважана, хлебаробы накіраваны на паспяховае завяршэнне ўборкі ўраджаю і выкананне ўсіх пастаўленых задач.
Старшыня аблвыканкама нізка пакланіўся хлебаробам за самаадданую працу, пажадаў усім моцнага здароўя, а Магілёўскаму раёну — дасягнуць яшчэ больш высокай планкі па намалоту зерня.
Цёплыя, шчырыя словы падзякі П.М.Руднік адрасаваў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, якім тут жа былі ўручаны майкі “Лідэр жніва”.
“Спявай душа народная”, — палілася над палеткамі песня. У добры час хлебаробы! Няхай ваша праца заўсёды дае плённы ўраджай у імя дабрабыту, радасці і шчасця людзей, працвітання нашай любімай Радзімы.
Святлана ДЗЯДУШКА.
Фота Алены САВІЦКАЙ.