Аўтобусы і маршрутныя таксі збіліся з графіку, тралейбусы стаялі, гурты грамадзян мёрзлі на маршрутных прыпынках — такія малюнкі можна было назіраць у горадзе. З цягам часу працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый выйшлі з шуфлямі ў дапамогу транспарту чысціць снег. Надз-вычайная сітуацыя аб’яднала ўсіх.
На ўборцы снегу было задзейнічана 16 адзінак тэхнікі ДРБУ №128, 7 — жылкамгаса і ў дадатак – транспарт з гаспадарак.
Прыхінуліся да агульнай справы ўсе – гэта было відавочна, калі мы аб’язджалі населеныя пункты: настаўнікі скідвалі снег са стрэх школ, культработнікі ўбіралі яго не толькі каля сваіх устаноў,
але і побач з хатамі немачных людзей. Ды і многія пенсіянеры самі прабівалі хады на вуліцу, жартуючы, што памахаць лапатай на свежым паветры — толькі на карысць. Прыемна было размаўляць з гэтымі працавітымі і прыгожымі людзьмі, для якіх выпаўшы снег не стаў трагедыяй, бо яны ў сваім жыцці пераадольвалі не такія цяжкасці, дзякуючы сваім працавітым рукам.
C.Я.Пухлякоў, жыхар а/г Масток, зараз знаходзіцца ў адпачынку, прыйшоў дапамагчы ўбраць снег каля аддзялення паштовай сувязі, дзе працуе жонка.
Разам з тым вельмі сорамна было глядзець вечарам у панядзелак сюжэт тэлебачання аб тым, як “дрэнна чысцяць снег ў аграгарадку Дашкаўка”. У той час, як асноўная дарога была расчышчана, пенсіянер скардзіўся, што не ўбраны снег да яго дома (а гэта, як пазней высветлілася са слоў старшыні сельвыканкама В.А.Бабіча, – крыху больш 70-ці метраў). Ну ды няхай пажылы чалавек, — мо яму і патрэбна
дапамога ў чымсьці. Але вось калі дэпутат сельвыканкама выйшла, як на паказ, у прыгожым паліто ды з прычоскай, і пачала гаварыць пра тое, што да дома пенсіянера не расчышчана дарога, то, безумоўна, у многіх гледачоў быў шок. Бо каму, як ні выбранніцы народа, у гэтай надзвычайнай сітуацыі ўзяць лапату ў рукі, арганізаваць некалькі чалавек ды дапамагчы пенсіянеру?..
Праўду кажучы, вельмі непрыемна ўсё гэта…
Святлана ДЗЯДУШКА.
Фота Алены САВІЦКАЙ.