«Гэты цуд завецца – КНІГА»

Менавіта пад такой назвай у ДУА “Яслі-сад аграгарадка Кадзіна” у рамках раённага метадычнага аб’яднання выхавацеляў прайшло мерапрыемства, на якім асобае месца адводзілася кнізе — сімвалу года Рэспублікі Беларусь. Кніжныя выданні на роднай мове былі паўсюль: на сталах, паліцах, выставах. Нацыянальная сімволіка, арнамент, кветкі дадалі мерапрыемству святочнасць. Мова выхавацеля Валянціны Андрэеўны Кавалёвай — чыстая, мілагучная — сапраўдны ўзор для дзяцей. Гэтаму яна вучыць сваіх выхаванцаў.

Песні, карагоды, чытанне вершаў на роднай мове, прадстаўленне сваіх любімых кніг… І вось ён — доўгачаканы сюрпрыз — з’яўленне дзеда Усяведа (А.А. Нямыцька), які пазнаёміў выхаванцаў з гісторыяй друку, расказаў, што і сёння выданне кнігі – гэта складаная праца многіх людзей, таму яе неабходна цаніць і берагчы.

Дзеці даведаліся пра знакамітага земляка – першадрукара Францыска Скарыну — дзейнасць якога ўнесла вялікі ўклад у кнігадрукаванне ўсяго свету.

Умела праведзеная псіхалагічная гімнастыка была накіравана на фарміраванне ў дзяцей добрых думак і настрою, здароўя і шчасця. Падарункі для выхаванцаў — чароўныя кветкі дабра — сімвалы любові і цёплых пачуццяў. Не засталіся без сюрпрызаў і госці мерапрыемства: уручэнне кніг-памятак, упрыгожаных кветкамі, зробленымі дзецьмі пад кіраўніцтвам В.А.Кавалёвай, было вельмі хвалюючым момантам.

Упэўнены, што такое свята садзейнічае выхаванню павагі да гістарычнай і літаратурнай спадчыны свайго народа, любові да кнігі, развіццю пачуцця нацыянальнай годнасці, жадання размаўляць на роднай мове.

І. А. Высоцкая,
выхавацель ДУА “Яслі-сад аграгарадка Кадзіна”.

Добавить комментарий


YouTube
Instagram
Telegram
VK
VK
OK
Tiktok