Дзіўны дом (апавяданне Канстанціна Карнелюка)

t_247637768Дзіўны дом

У народзе спрадвек кажуць: яблык ад яблыні недалёка коцiцца. Гэта, канешне ж, так, але часам такі яблычак можа далёка закаціцца…

Селянін Кузьма быў старанным гаспадаром, майстрам на ўсе рукі і добрым бацькам. Увесь свой век з жонкай Ганнай імкнуліся, каб у іх сям’і было не горш, чым у людзей. Пабудавалі ўласную хату, выгадавалі сына, пасадзілі нават не адно дрэўца, а цэлы ўвішны сад. І неяк вырашылі, што іх сын Максім ужо зусім дарослы, яму трэба пабудаваць асабісты дом, каб было куды жонку прывесці. А сынок, трэба сказаць, быў нейкі непаслухмяны, задзірысты, любіў усё аспрэчваць і рабіць наадварот. Адным словам, быў дзіваком, якіх свет яшчэ не бачыў.

Пабудаваў Кузьма непадалёк ад свайго двара хату сыну — вялікую, на пяць пакояў. З ладнай трубой на даху.

І вось у гэтым доме пасяліўся Максім. Дом сыну адразу не спадабаўся.
— Чаму труба на самым бачным месцы? – бубнеў сынок.
— Яна будзе смуродзіць, сажа будзе ляцець прама на галаву…
Максім зняў яе і аднёс у падвал.
— А чаму гэта вокны так нізка ад зямлі? Усе вясковыя дзяўчаты будуць бачыць, што я раблю ў хаце, — абурыўся ён на другі дзень.

Сын узяў і замураваў напалову вок-ны, пад самую столь. Ды так, што вокны сталі амаль форткамі.

На трэці ж дзень Максім звярнуў увагу на фундамент дома.
— Чаму гэта фундамент, такі прыгожы і файны, амаль увесь у зямлі, што яго ніхто не бачыць?
Ён узяў фундамент і паставіў яго замест даху, каб усе, хто праязджаў побач, бачылі, які ў маладога гаспадара шыкоўны фундамент. А дах у яго, наадварот, стаў фундаментам.

Вяскоўцы праходзілі каля дома Максіма і толькі казалі адно аднаму:
— У хлопца, сапраўды, не ўсе дома…

Кузьма кажа неяк неўгамоннаму сыну, што яму час ужо ажаніцца. А сын замест гэтага прынёс у хату ката Ваську… Але ўсё роўна Максіму сумна аднаму ў доме. У пакоях з амаль замураванымі вокнамі цёмна. Ды вецер свішча: дом вось-вось разваліцца, так ён ненадзейна стаў стаяць на зямлі. Ды і Максіму не бачна, што адбываецца на вуліцы.

І што ні рабі, ні думай, чалавеча, а зіма прыходзіць па графіку нябеснай канцылярыі. Але печку не запаліш – дым пойдзе адразу ў хату: труба ж у падвале недзе валяецца…

У Максіма зуб на зуб не трапляе. І вось ён пайшоў шукаць у падвале трубу. Але падвала так і не знайшоў, бо на яго месцы быў адзін дах…

Нарэшце зусім знерваваны і зняможаны Максім прыбег дадому, да бацькі.
— Бацечка родны, дапамажы! Зрабі так, як усё ты зрабіў спачатку. Даруй свайму дурному сыночку… Давай разам зноў перабудуем дом!

Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Добавить комментарий


YouTube
Instagram
Telegram
VK
VK
OK
Tiktok