“ПН” выбрала пераможцаў сярод сваіх чытачоў
Добрай падзеяй адзначыўся пачатак тыдня для нашай газеты і пэўных чытачоў. У рамках конкурсу “Сябрам “Прыдняпроўскай нівы” — падарункі” вызначыліся тры пераможцы: Міхаіл Ільіч Казлоў, Валянціна Міронаўна Разумнікава і Таццяна Іванаўна Савіцкая.
Учора, у рэдакцыі газеты, ва ўрачыстых абставінах галоўны рэдактар С.Р.Дзядушка ўручыла падарунак М.І.Казлову, падзякаваўшы за шматгадовае супрацоўніцтва і вернасць раённай газеце. Шчырыя словы ўдячнасці за патрыятычнае выхаванне моладзі адрасаваў ветэрану начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксей Васільевіч Пруднікаў.
Начальнік аб’яднанага цэха паштовай сувязі “Магілёўскі філіял РУП “Белпошта” Таццяна Анатольеўна Шынкевіч пажадала Міхаілу Ільічу моцнага здароўя, а “Прыдняпроўскай ніве” — больш такіх чытачоў.
Міхаіл Ільіч Казлоў — пазаштатны аўтар раённай газеты з 1956 года. Так як дзейнасць яго 37 гадоў была звязана з працай ва ўзброеных сілах, асноўная тэматыка публікацый – патрыятызм. З’яўляючыся членам райсавета ветэранаў, Міхаіл Ільіч шмат піша пра гады ваеннага ліхалецця, праводзіць сустрэчы з моладзю, расказваючы аб Радзіме і маральных каштоўнасцях, да якіх павінен імкнуцца грамадзянін Айчыны.
Пазнаўшы цяжкую працу з маленства, калі ў 13 гадоў давялося ўзваліць на сябе абавязкі па гаспадарцы за бацьку, які загінуў, ён ведае кошт хлеба і мірнага неба. Сына, унука, унучку, праўнука і праўнучку вучыць быць чэснымі, праўдзівымі, цаніць тое, што маюць. Міхаіл Ільіч ганарыцца сваімі нашчадкамі, якія выраслі працавітымі, адукаванымі – гэта самая вялікая радасць.
Што датычыць раённай газеты, то ветэран лічыць яе галоўным ідэолагам, прапагандыстам, сцвярджаючы, што “Прядняпроўская нiва” дапамагае жыць і стала ўжо як член сям’і. Патрыёт сваёй Радзімы М.І.Казлоў усім сэрцам любіць Беларусь, задаволены пераўтварэннямі, якія адбываюцца ў краіне, і жадае толькі росквіту ды светлай будучыні ўсім.
Як расказаў старшыня Буйніцкага сельсавета Аляксандр Віктаравіч Харытоненкаў, Валянціне Міронаўне Разумнікавай з вёскі Цішоўка Буйніцкага сельсавета 20 ліпеня павінна споўніцца 87 гадоў. Жанчына смяецца: “Калі б крыху пазней прыехалі, якраз папалі б на імяніны”.
Раённую газету выпісвае даўно і, калі нават пачала кепска бачыць, знайшла выйсце – чытае з лупай. Вельмі падабаюцца ёй апавяданні, вершы, любіць, калі напісана што дзе робіцца ў сельскай гаспадарцы.
Нягледзячы на цяжкае пасляваеннае жыццё, а пасля 60-ці гадоў інваліднасць – яна застаецца вялікім аптымістам, будучы ўпэўненай, што асабісты лёс склаўся шчасліва.
Працавала бухгалтарам ў калгасе імя Дзяржынскага, сакратаром сельсавета, даяркай і загадчыцай фермы ў калгасе “Маяк камунізма”. Разам з тым была дэпутатам, членам праўлення, як гаворыць, любая праца ў радасць, калі адносішся да яе з душой.
Валянціна Міронаўна з цеплынёй успамінае добрых людзей, якія сустракаліся на шляху, а самым вялікім здабыткам лічыць шэсць дачок, 9 унукаў і 9 праўнукаў. Яны яе ніколі не забываюць, даглядаюць, дапамагаюць ва ўсім. “Цяпер толькі радавацца жыццю, галоўнае, каб адзін да аднаго з дабром адносіліся”, — гаворыць Валянціна Міронаўна. На развітанне яна пажадала, каб краіна наша з кожным днём багацела, а раённая газета — квітнела.
“Ещё хочу я вам сказать:
От всей души желаю
Белорусам здоровыми быть,
А «Ніве» — урожайной».
Вось такія радкі падаравала В.М.Разумнікава, за што мы ёй удзячны, а яшчэ – за аптымізм, які дае веру не толькі ёй самой, але і тым, хто побач.
Яшчэ да адной нашай чытачкі – Таццяны Іванаўны Савіцкай мы завіталі ў вёску Куты Вендаражскага сельскага савета разам з упраўляючым справамі сельвыканкама Галінай Фядосаўнай Фурсавай.
Бадзёрая, энергічная жанчына ну ніяк не выглядала на 91-гадовую бабулю. Сапраўды, як кажуць, загартаваных людзей і старасць не бярэ.
Таццяна Іванаўна з раённай газетай сябруе ўсё жыццё, нават памятае пра што пісалі, калі выданне называлася “За камуністычную працу”.
“Зараз “Прыдняпроўскую ніву” вельмі цікава чытаць, яна для мяне, як сонейка, заўсёды доўгачаканая і дарагая. Аб усім чытаю з захапленнем і па некалькі разоў, каб не прапусціць чаго”, — гэтыя цёплыя словы ад такой паважанай чытачкі слухаць было вельмі прыемна.
Ва ўспамінах Таццяны Іванаўны — нялёгкія пасляваенныя гады. Як гаворыць, у вялікай беднасці жылі, у Кутах на той час 25 удоў было.
Настаўніцкая дзейнасць яе пачалася яшчэ да вайны ў адной з вёсак Быхаўскага раёна. Потым жа, закончыўшы курсы настаўнікаў пачатковых класаў, 33 гады вучыла дзяцей у Кутоўскай пачатковай школе, агульны стаж працы складае 41 год. Тыя, хто яе ведаюць, называюць “Настаўніца ад Бога”. А яшчэ хочацца дадаць, што гэта жанчына — кладзезь мудрасці і аптымізму.
Сапраўднымі грамадзянамі краіны выгадавала Таццяна Іванаўна сваіх дзяцей — дачку і двух сыноў, будучы ўпэўненай, што дзеці вучацца на прыкладзе бацькоў. Заўсёды з ахвотай наведаваюць бабулю трое ўнукаў і чатыры ўнучкі. Ёсць яшчэ пяць праўнукаў і тры праўнучкі. Таццяна Іванаўна вельмі любіць сваю вялікую сям’ю, ганарыцца нявесткамі, якія таксама педагогі, і зяць, па яе словах, лепшы, чым у каго!
Сакрэт доўгажыхарства яна бачыць у характары чалавека, яго адносінах да людзей і акружаючага асяроддзя.
На развітанне Таццяна Іванаўна ўразіла, заспяваўшы прыгожым моцным голасам народную песню. І наказ дала: «Кахайце і будзьце каханымі», яшчэ раз падцвердзіўшы бязмерную любоў да жыцця.
Газеце Таццяна Іванаўна зычыла ўдзячных чытачоў, мы ж пажадаем ёй радаваць свет, сваіх родных і блізкіх 100 і больш гадоў. А ўсім верным сябрам раённай газеты – моцнага здароўя!
Святлана ДЗЯДУШКА.
Фота Наталлі ГРУЗД.
Фото даже нечего! фотокор на высоте не постановочное фото :)! пожилых людей непоставишь в “стеночку” ! Удачи в дальнейшем ПН!
Мне кажется, Вы предвзято относитесь к фотографу, снимки хорошие.
Хорошо,Евгения, буду стараться!)
Наталья, выбирайте пожалуйста ракурс при съемке и старайтесь не засвечивать фото 😉