Літаратурна-музычная гасцёўня “Узлёт” пашырае кола сваіх сяброў
Літаратурна-музычная гасцёўня “Узлёт” пашырае кола сваіх сяброў. І на чарговае пасяджэнне падзяліцца творчымі здабыткамі, натхніцца, абмеркаваць нейкія падзеі ў асяроддзі мастацтва сабраліся паэты, кампазітары, таленавітыя людзі Магілёўскага раёна і горада.
Распачаўшы вечарыну, галоўны рэдактар газеты Святлана Дзядушка нагадала, што “Узлёт” ставіць сваёй мэтаю стаць духоўнай пляцоўкай для таленавітых людзей. У той жа час будзе выконваць яшчэ адну важную місію, што датычыць прапаганды роднай беларускай мовы.
Традыцыйна гасцёўня адкрылася аўтарскай музыкай Святланы Дзядушка “Да Радзімы”.
Пра святасць і мацярынства
Першы беларускамоўны блок быў прысвечаны двум цудоўным святам, якія азнаменавалі тыдзень: Пакравам Прасвятой Багародзіцы і Дню маці. Святое слова “Мама” выклікае пачуцці ўсяго самага дарагога, што ёсць на зямлі.
Нашай роднай мы абавязаны жыццём, яе падтрымку, пяшчоту і цеплыню адчуваем штодзённа. Ёй яшчэ раз нізка пакланіліся за дабрыню, самаадданасць і бязмежную любоў. Аб гэтым у вершаваных радках расказаў намеснік галоўнага рэдактара газеты Алег Дзятлаў.
На пасяджэнне гасцёўні былі запрошаны цудоўныя людзі: Маці з вялікай літары ў самым поўным сэнсе гэтага слова – Таццяна Магіліна, якая разам з мужам Міхаілам дала прытулак пяцярым дзеткам-сіротам. Дружная, шчаслівая сям’я жыве ў аграгарадку Дашкаўка і ў хуткім часе плануе пасяліцца ў вялікім доме, што будуецца за дзяржаўныя сродкі ў аграгарадку Вейна.
Акрамя таго муж і жонка плануюць узяць на выхаванне яшчэ трох дзетак з дзіцячага дома, за што і ад “узлетаўцаў” прагучала ў іх адрас “Вялікі дзякуй!”Бацькі гэтай мнагадзетнай сям’і клапоцяцца не толькі аб тым, каб дзеці былі адзеты, абуты і накормлены. Шмат часу яны ўдзяляюць развіццю іх здольнасцяў.
Васьмігадовая Валерыя, якая стала дачушкай Таццяны Магілінай у 2005 годзе, калі ёй было ўсяго 4 месяцы, прачытала цудоўны верш пра маму. А песню пра маманцёнка, якую выканалі маці і дачка, у зале прымалі гучнымі апладысментамі.
Цвітуць кветкі летам і зімой
Нашы маці – вялікія працаўніцы і вялікія творцы. З пакалення ў пакаленне пера-даюць яны лепшыя ўзоры свайго майстэрства, таленту. Іншым разам, ведаючы кагосьці па пасадзе, мы не можам нават уявіць, які гэта таленавіты чалавек. Так вось і Святлана Тарасава,нягледзячы на даволі складаную працу загадчыка юрыдычным сектарам райвыканкама, знаходзіць час на любімую справу. Майстэрству вязання яна вучылася ў маці і бабулі. А зараз, акрамя яркіх кветак, што растуць у палісадніку каля дома ў Палыкавічах, рукамі майстрыхі створаны прыгожыя архідэі, карціны, якімі ўсе захапляюцца. Майстар-клас Святланы Тарасавай стаў сапраўдным святочным падарункам для ўсіх прысутных маці.
Майстры слова і песняры жыцця
Другі блок адкрыў Віктар Кунцэвіч – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Вершы таленавітага паэта ўжо гучалі ў гасцёўні, але і на гэты раз ён уразіў цікавымі аўтарскімі знаходкамі, навізной тэм і неардынарнай іх падачай.
Рыма Сорына даўно вядома ў паэтычным асяроддзі філасофскай глыбінёй успрымання жыцця, арыгінальнасцю мыслення, што адлюстроўваецца ў вершах, у тым ліку і тых, якія яна прачытала.
Не абыйшлося на гэтым пасяджэнні і без сюрпрызаў. “Узлётаўцы” пазнаёміліся з унікальным чалавекам Сяргеем Рынкевічам. Доктар тэхнічных навук, прафесар, выкладчык Беларуска-Расійскага універсітэта – здаецца ўсё гэта ніяк не вяжацца з творчасцю. Аднак Сяргей Анатольевіч нямала ўразіў, прачытаўшы цудоўныя аўтарскія вершы.
Мала таго – паказаў віртуозную ігру на гітары! Як зразумела, настрой панаваў узнёслы. А песня “Листья жёлтые”, якую традыцыйна спявалі ўсёй грамадой, увогуле з’яднала прысутных. З задавальненнем чыталі вершы, спявалі.
Аб ураджаннях
Відавочна, што яшчэ адно пасяджэнне гасцёўні выканала сваю місію духоўнай пляцоўкі. Усё было бачна па тварах людзей, той цеплыні і роднасці, што ўсталяваліся паміж людзьмі, радасці, якая пасялілася ў сэрцах.
Гэта сцвердзілі і ўраджанні, пакінутыя ў “Лістах пажаданняў”. “Здесь всех объединяет высокое творчество, как слова, так и духа…”, — напісала Рыма Сорына. “Я в восторге от чудесного вечера!..” — Марина Лещева. “Замечательная задумка и воплощение! Долгие годы вашей “Гостиной!..” — Надежда Пролейчик… Яшчэ шмат пажаданняў і шчаслівых эмоцый.
У добры час, “Узлёт”!
Наш аўтар
Фота Наталлі ГРУЗД