Урачыстае мерапрыемства з такой назвай, прымеркаванае да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адбылося на мінулым тыдні ў зале пасяджэнняў райвыканкама. У святочных абставінах лепшыя вучні школ раёна атрымалі свой галоўны дакумент – пашпарт. Гэта падзея ў Год моладзі – своеасаблівы сімвал пачатку новага этапа ў жыцці юнакоў і дзяўчат. Цяпер яны – сапраўдныя грамадзяне сваёй краіны і могуць уплываць на лёс роднай зямлі, бо ад спраў кожнага з нас, і ад актыўнай пазіцыі моладзі ў першую чаргу залежыць сённяшні дзень і, канешне, наша будучыня. На свяце таксама былі ўручаны білеты членаў БРСМ, а вучні пачатковых класаў урачыста ўступілі ў рады піянераў.
Ад імя ўсіх, хто атрымаў пашпарт, вучаніца ДУА “Мастокскі ВПК ДС – СШ” Анастасія Карпека дала абяцанне, што маладое пакаленне беларусаў зробіць сваю зямлю яшчэ больш чыстай і прыгожай, будзе цаніць і памнажаць багацце роднай краіны.
Павіншавалі моладзь з важным момантам у іх жыцці і родныя людзі. Бацькоўскія думкі, надзеі і пажаданні выказала Таццяна Голахава, прызваўшы юнакоў і дзяўчат любіць Радзіму і клапаціцца аб яе росквіце, быць годнымі памяці дзядоў і прадзедаў. Малодшыя сябры школьнікаў парадавалі добрымі вершамі.
У святочных абставінах адбылася і цырымонія ўручэння білетаў членаў БРСМ. Гэта самая масавая грамадская арганізацыя краіны адной з важнейшых сваіх задач лічыць выхаванне ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Наталля Балацько пажадала юнакам і дзяўчатам праз ўсё жыццё пранесці пачуццё гонару за сваю краіну. Разам з Аляксандрам Царовым яна ўручыла моладзі членскія білеты. Старшыня райсавета ветэранаў прыгадаў слаўныя справы камсамола і выказаў надзею, што сённяшняе маладое пакаленне будзе такім жа ініцыятыўным, клапатлівым і актыўным.
Расчуліў усіх прыём у рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Рабяты, якім споўнілася 10 год, далі ўрачыстае абяцанне і запэўнілі, што заўсёды будуць гатовы да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці. Шаноўныя госці павязалі школьнікам піянерскія гальштукі.
Шмат добрых слоў і шчырых песен прагучала пра Радзіму. Няхай жа збудуцца ўсе пажаданні, і яе сыны сапраўды будуць рабіць ўсё, каб яна заўсёды квітнела!
Юлія ІВАНЧЫКАВА
Фота Юлii МАРКОВIЧ