Гэта было ў яркі сонечны дзень 15 верасня 1943 г. Жыхары в.Гараны спяшаліся ўбраць ураджай і захаваць яго ад немцаў. Людзі радасна прыслухоўваліся да кананады, якая грымела на ўсходзе: гэта быў голас савецкіх гармат. Набліжалася доўгачаканае вызваленне.
I раптам пачуўся грукат аўтамашын.
— Немцы! Ратуйцеся! — панеслася па дварах.
Але ратавацца было позна. Фашысты ў момант акружылі вёску і пачалі дзікую расправу.
Яны сагналі ўсіх у адзін натоўп. Пачалі падпальваць гумны з хлебам, нашы родныя хацінкі. Загрымелі першыя стрэлы, палілася першая кроў…
Надыходзіў апошні, самы страшны акт трагедыі. Застаўшыхся ў жывых людзей склалі ў кучу, як дровы ў скірду, і пачалі страляць у яе з кулямётаў, аўтаматаў, пісталетаў. 3-пад гэтага складзенага з чалавечых цел кургана цяклі ручаі крыві… У ліку гэтых ахвяр была і я. Ляжала я побач з маці і братам Мішам. Маці была ўжо мёртвая, і я адчувала, як халадзела яе цела. Міша быў паранены ў шчаку. Ён толькі ціха стагнаў: «Сястрычка…» Яго голас заціхаў, слабеў, а хутка і зусім заціх.
А нямецкія звяругі тым часам пацяшаліся стралянінай па безабаронных людзях. Яны прывезлі некалькі вазоў саломы, накінулі яе на нас, запалілі. Пад пакрыццём дыма выпаўзла я з вялікай брацкай магілы. Адпаўзла ў бок…
Паводле кнігі «Памяць».