На малой радзіме Майстра, у горадзе Оршы, у музеі У.Караткевіча адкрыліся ўнікальная выстава рукапісаў з фондавых збораў музейнага комплексу і мастацкая выстава “Зямля пад белымі крыламі”. Сярод мерапрыемстваў і спецпагашэнне юбілейнага канверта і маркі са спецыяльным штэмпелем сумесна з РУП “Белпошта”, і паказ Віцебскім тэатрам “Лялька” спектакля “Ладдзя роспачы”, і многія іншыя культуралагічныя паказы і дзеі. У “Ладдзе роспачы” – стрыжнявыя разважанні пра сэнс нашага жыцця і лёс Бацькаўшчыны, ладдзя – гэта сама Беларусь, якая пераадольвае змрок забыцця і непрытомнасці, уваскрашаецца і адраджаецца.
Адметна, што беларусы змогуць пазнаёміцца ў хуткім часе з салідным 25-томным выданнем твораў “рыцара беларускіх замкаў”. Менавіта такі пачэсны эпітэт займеў пры жыцці знакаміты аўтар. Яшчэ ў 2011 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачало гэтае скрупулёзна-энцыклапедычнае выданне твораў пісьменніка. У гэты збор будуць уключаны творы, якія не друкаваліся пры жыцці пісьменніка, малюнкі, лісты, дзённікі, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, інтэрв’ю, выступленні. Тэксты друкуюцца з адмененымі нематыванымі рэдактарскімі і цэнзарскімі праўкамі. Да збору твораў будуць прыкладзеныя два CD-дыскі: на першым будуць змешчаны вершы і песні ў выкананні Караткевіча, на другім — яго выступленні на радыё, тэлебачанні, у Саюзе пісьменнікаў, здымкі ў мастацкім фільме «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні»).
Уладзімір Караткевіч у прозе распрацоўваў пераважна гістарычную праблематыку.
Ён першым у беларускай літаратуры звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. Яго хвалявалі і антыфеадальная, антыклерыкальная барацьба, і паўстанне 1863 — 64 гадоў, і многія іншыя пытанні бурнага і вірлівага часу. Адметна, што яго продкі былі шляхецкага саслоўя, паходзілі з беларускага Падняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва, іншых беларускіх гарадоў. А адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі — Тамаш Грыневіч удзельнічаў у паўстанні 1863— 64 гадоў.
Значны ўплыў на пісьменніка аказаў дзед па лініі маці Васіль Грынкевіч, чалавек з багатым жыццёвым вопытам, дасціпны апавядальнік, ад якога ўнук пачуў шмат казак і народных паданняў, пераняў любоў да прыроды-матухны. Цікава, што дзед і стане прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане “Каласы…” Ад свайго дзеда Уладзімір пачуў і легенду «Маці Ветру» пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743 — 1744 гадоў.
З вялікай асалодай мы чытаем і перачытваем безліч разоў яго раманы “Нельга забыць”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”, аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда”, “Чазенія”, “Зброя”.
У паэзіі (зборнікі “Матчына душа”, “Вячэрнія ветразі”, “Мая Іліяда”, “Быў. Ёсць. Буду”) аўтар паўстае перад намі як патрыёт сінявокай Беларусі. Ён плённа выкарыстоўваў традыцыі сусветнай лірыкі і адначасова быў глыбока нацыянальным творцам, выказваючы адмысловую прыхільнасць да роднага фальклору і гістарычнага сюжэта (вершы «Машэка», «Матчына душа», «Паўлюк Багрым» і інш.).
Ён любіў падарожнічаць, наведаў многія мясціны Беларусі, Польшчы, Чэхаславакіі. Шматлікія яго творы і нараджаліся ў дарозе.
Праявіў сябе творца і як драматург. Ён аўтар п’ес “Млын на Сініх Вірах”, “Званы Віцебска”, “Кастусь Каліноўскі”, “Калыска чатырох чараўніц”.
Вялікі рэзананс выклікаў і яго знакаміты нарыс “Зямля пад белымі крыламі”, сама назва якога даўно стала крылатай. На беларускім тэлебачанні вёў праграму «Спадчына», прысвечаную гісторыі і культуры Бацькаўшчыны.
Ён здолеў істотна ўзбагаціць айчынную літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніць яе інтэлектуальным і філасофскім зместам.
Творы пісьменніка перакладзены на рускую, украінскую, латышскую, балгарскую, чэшскую, англійскую, грузінскую, іспанскую, літоўскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, польскую, славацкую, таджыкскую, узбекскую, украінскую, французскую, чувашскую, эстонскую і іншыя мовы. А сам У. Караткевіч ажыццявіў пераклад на родную мову твораў Г.Катула, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, І.Франко і інш.
Пра класіка створана дакументальная стужка “Быў. Ёсць. Буду”, відэафільмы “Успамін” і “Рыцар і слуга Беларусі”. Імя Караткевіча носяць бібліятэкі ў Віцебску, Наваполацку, Оршы, Таліне.
У Оршы (вул. Леніна, 26) аматараў творчасці запрашае музей У.Караткевіча, які быў адкрыты ў 2000 годзе. Экспазіцыя ўключае ў сябе абстаноўку пасляваеннага дома на вуліцы Касманаўтаў у Оршы, з мэбляй пісьменніка, яго рэчамі. Таксама тут узноўлены фрагмент кабінета мінскай кватэры Караткевіча. Матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменніка экспануюцца ў Рагачоўскім музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі.
Помнік У. Караткевічу ў Оршы адкрыты 27 чэрвеня 1992 г. да 925-годдзя Оршы. Першапачаткова помнік размяшчаўся на месцы згарэлага ў вайну дома, у які сям’я Караткевіча засялілася ў 1939 г., але пазней помнік быў перанесены ў цэнтральны парк Оршы. У Віцебску ў 1994 го-дзе быў устаноўлены помнік (скульптар І. Казак, архітэктар В.Рыбакоў). 14 красавіка 2011 г. быў усталяваны скульптурны помнік Караткевічу ў сталіцы Украіны, аўтарамі якога сталі беларусы Кастусь Селіханаў і Алег Варвашэня, архітэктарам — Аляксандр Корбут.
На дамах у Оршы, дзе Караткевіч жыў у канцы 1950-х гг., і ў Мінску, дзе была яго кватэра, усталяваны памятныя дошкі. Яго імем названы вуліцы ў Віцебску, Рагачове і Оршы.
Бясспрэчна, творчасць Уладзіміра Караткевіча набывае яшчэ большую папулярнасць і актуальнасць у ХХІ стагоддзі. Адзін з даследчыкаў яго творчасці літаратуразнаўца Анатоль Верабей назваў Караткевіча гонарам і сумленнем беларускай літаратуры, пісьменнікам, які змог цалкам раскрыць душу народа і яго нацыянальны характар, выявіць перадавыя грамадскія і эстэтычныя ідэалы. А пісьменнік Янка Брыль характарызаваў Караткевіча як нястомнага літаратара, які пастаянна і грунтоўна працаваў над сабой. Ён таксама гаварыў, што многія ведалі Уладзіміра Караткевіча як чалавека невычарпальнага светлага настрою, які ўмеў смяяцца як дзіця, усёй душой любіў беларускі народ і родную зямлю.
Уладзімір Караткевіч не толькі выйшаў з гушчы народа, але і заставаўся з народам да апошніх дзён жыцця. Застаецца дадаць, што гэты Рыцар Гонару і Сумлення – і мой любімы пісьменнік.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог.