Арыентацыя на чытача

Правядзенне Дня рэдактара для кіраўнікоў рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі вобласці ўвайшло ў сістэму і стала своеасаблівай метадычнай дапамогай у рабоце. Такія семінары карысныя як у плане зносін з калегамі, так і ў сэнсе знаёмства з новымі формамі і метадамі работы, тым самым – набыцця вопыту.

На гэты раз Дзень рэдактара прайшоў у горадзе Шклове, дзе сабраліся галоўныя рэдактары інфармацыйнага агенства “Магілёўскія ведамасці”, газет “Зямля і людзі”, “Веснік Магілёва”, “Ударны фронт”, “Зара над Друццю”, “Сельскае жыццё”, “Прыдняпроўская ніва”, “Трудовая слава”, “Святло Кастрычніка”.Удзел у мерапрыемстве прынялі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч і начальнік упраўлення ідэалагічнай работы – начальнік аддзела па рабоце са СМІ і развіццю паліграфіі Алена Дзівакова.

Праводзячы экскурсію па рэдакцыі газеты “Ударны фронт”, галоўны рэдактар Павел Савельеў расказаў аб развіцці ўстановы, планах і перспектывах. Асаблівую ўвагу прыцягнуў так званы цэнтр аператыўнай паліграфіі з сучасным абсталяваннем, што дазваляе аказваць паслугі прадпрыемствам і насельніцтву (друкаваць календары, блакноты, буклеты, фотаздымкі і інш.), а гэта значыць павышаць даходы рэдакцыі.Відавочна, што добрая матэрыяльная база і кадравы патэнцыял, сайт газеты – усё гэта садзейнічае павышэнню аўтарытэта выдання і прыцягненню новых чытачоў.

Да таго ж, у памяшканні райвыканкама, дзе знаходзіцца рэдакцыя, з’явілася і сваё тэлебачанне. Тое, што расказала галоўны рэдактар установы “Рэдацыя раённага тэлевяшчання “Тэлекампанія Шклоў” Любоў Савельева і што ўбачылі на экране, прыемна ўразіла прафесійнай падачай матэрыялу як на рускай, так і на беларускай мовах.У рамках мерапрыемства журналісты сустрэліся са старшынёй Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандрам Бойкам. Кіраўнік раёна расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, падзяліўся новымі праектамі і нават расказаў павучальныя гісторыі з жыцця. Што датычыць падтрымкі СМІ, то Аляксандр Бойка лічыць гэта важным аспектам і, зноў жа, паабяцаў, што райвыканкам будзе закупляць ў рэдакцыі прадукцыю паліграфіі.Пачынаючы работу круглага стала “Рэгіянальная прэса: сучасны стан і перспектывы развіцця”, мадэратар Алена Дзівакова звярнула ўвагу на важкую ролю прэсы ў жыццядзейнасці краіны не толькі як інфарматара, але і выхавальніка, які фарміруе грамадскую думку аб падзеях і з’явах у нашым жыцці.У часы высокіх тэхналогій і распаўсюджвання інтэрнэту, друкаваныя СМІ працягваюць утрымліваць трывалыя пазіцыі, сведчаннем чаго з’яўляюцца прыведзеныя статыстычныя дадзеныя. Так, калі для 90,1% жыхароў Магілёўскай вобласці крыніцай інфармацыі з’яўляецца тэлебачанне, то 83,9% (амаль столькі ж) аддаюць перавагу газетам. Больш 50% жыхароў бяруць інфармацыю з сацыяльных сетак і 44% – з радыё.

Як бачна, друкаванае слова мае вагу, на што звярнула ўвагу Алена Дзівакова. Як было сказана, найважнейшай задачай для журналістаў на сучасным этапе з’яўляецца павышэнне прафесійнай кваліфікацыі, што і ставіцца мэтаю семінараў.

У працяг тэмы вопытам работы падзяліліся галоўныя рэдактары інфармацыйнага агенства “Магілёўскія ведамасці”, газет Шклоўскага, Бялыніцкага і Магілёўскага раёнаў.

У працэсе абмяркоўвалі новыя формы і метады работы па ўзаемадзеянні з чытачом, пытанні камп’ютарнай вёрсткі і дызайну газеты, аднаўлення сайта і інш. Былі цікавыя знаходкі і актуальныя прапановы.

Наша газета прадставіла праект “Літаратурна-музычная гасцёўня”, які выклікаў жывы інтарэс у прысутных. Акрамя таго мы падзяліліся напрацоўкамі, што датычыць папулярызацыі газеты сярод насельніцтва (правядзенне Дзён падпісчыка, конкурсаў, віктарын, сустрэч з чытачамі).

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама падкрэсліў эфектыўнасць такой формы работы як Дзень рэдактара. Станоўчая адзнака была дадзена дзейнасці газеты “Ударны фронт”, якая стала пляцоўкай для вучобы і павышэння кваліфікацыі журналістаў.

Андрэй Кунцэвіч адзначыў перспектывы ў развіцці СМІ, разам з тым унёс прапановы наконт арыентацыі на чытача і прыцягнення моладзі, выкарыстоўваючы новыя формы работы, а таксама інтэрнэт-сайт.

Акцэнтуючы ўвагу на пытанні кадравай палітыкі, начальнік галоўнага ўпраўлення падкрэсліў, што кіраўнік рэдакцыі павінен пастаянна ўдасканальваць узровень сваіх ведаў, бо менавіта ад якасці падрыхтоўкі і кампетэнтнасці, добрасумленных адносін да службовых абавязкаў залежыць у многім прафесіяналізм усёй дзяржаўнай службы, аўтарытэт у грамадстве і ў кожнага грамадзяніна.

У рамках мерапрыемства журналісты наведалі ААТ “Папяровая фабрыка “Спартак” і іншыя аб’екты на тэрыторыі раёна.

Праграма Дня рэдактара была насычанай, цікавай і, безумоўна, стала яшчэ адной старонкай пазнанняў для ўдзельнікаў семінара.

Святлана ДЗЯДУШКА.

Фота Паўла САВЕЛЬЕВА.