“Якія мерапрыемствы, адкрыцці чакаюць жыхароў раёна ў Год культуры?” — гэта пытанне мы задалі начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Пруднікаву Аляксею Васільевічу.
Але перш чым гаварыць аб будучых праектах, лагічна адзначыць тое, што ёсць, і здабыткі 2015 года. Цэнтралізаваная клубная сістэма раёна ўключае 27 клубных устаноў: раённы Цэнтр культуры, аўтаклуб, два Цэнтры культуры і вольнага часу, культурна-спартыўны комплекс, культурна-спартыўны цэнтр, дзевяць сельскіх Дамоў культуры і дванаццаць сельскіх клубаў. Усе гэтыя установы арганізуюць сваю дзейнасць з улікам інтарэсаў і патрэб насельніцтва, зберажэнню культурных каштоўнасцей рэгіёна, мясцовых звычаяў і традыцый.
На базе сельскіх устаноў культуры раёна працуе 7 пляцовак тэатральнага і філарманічнага абслугоўвання: у аграгарадках Вейна, Палыкавічы, Дашкаўка, Усход, Рэчкі, Буйчнічы, Махава.
У мінулым годзе каллектывы мастацкай самадзейнасці і салісты раёна прымалі ўдзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах, у якіх станавіліся пераможцамі, а таксама атры-моўвалі дыпломы другой і трэцяй ступеняў.
Работнікамі раённага Цэнтра культуры, творчымі калектывамі клубных устаноў былі падрыхтаваны і праведзены значныя раённыя мерапрыемствы: злёт перадавікоў народнай гаспадаркі, урачыстасці з нагоды 70-го-ддзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, на высокім узроўні прайшло раённае свята “Дажынкі”.
Юбілейныя даты, прафесійныя святы — усё гэта не абыходзіцца без удзелу творчых калектываў.
Што датычыць Года культуры, то ён павінен прынесці жыхарам раёна шмат станоўчых эмоцый. Згодна з распрацаваным планам, будуць рэалізаваны цікавыя задумкі і праекты.
Да адкрыцця Года культуры прымеркавана раённае ўрачыстае мерапрыемства “З крыніц народных творчасць і мастацтва льюцца”. Таксама пройдзе канцэртны тур калектываў мастацкай самадзейнасці “Беларусь – краіна талентаў”.
Улічваючы, што гэты год азнаменаваны юбілейнымі датамі беларускіх класікаў, рыхтуюцца праграмы, накіраваныя на прапаганду беларускай прозы і паэзіі, якія будуць рэалізаваны ў адпаведнасці з календаром знамянальных культурных падзей.
На пряцягу года будзе ўдзяляцца вялікая ўвага прыцягненню моладзі да работы па добраўпарадкаванню гісторыка-культурных і сацыяльных аб’ектаў (акцыя “Зямля — наш дом”), разам з тым работнікі ўстаноў культуры прымуць актыўны ўдзел у дабрачынных акцыях “Чыстая субота”.
Сёлета пройдзе раённае ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 75-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, таксама будзе адзначацца 30-я гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Нашы лепшыя калектывы прымуць удзел у міжнародных фестывалях, конкурсах. Да прыкладу: тэатр чытальнікаў “Сюжэт” РЦК і ўзорны фальклорны ансамбль “Княжыцкія дудары” — у адкрыцці ХІХ Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”; фальклорны ансамбль “Дняпровачка” Кадзінскага СДК — у Міжнародным фестывалі мастацтва “Берагіня”.
Значнымі падзеямі сёлета стануць правядзенне “Свята вёскі”, “Тыдня культуры Магілёўскага раёна”.
У цэлым на тэрыторыі раёна і за яго межамі будзе праведзена шмат мерапрыемстваў, і застаецца толькі пажадаць, каб усё гэта прынесла людзям настрой, натхненне на плённую працу і добрыя справы.