Зямля – хлебам накорміць, сілы прыдасць, праца на ёй самая высакародная, як і трывалая сувязь матухны-карміцелькі з аратым.
Раённы конкурс “Араты-2016”, які праводзіўся 26 ліпеня на полі ААТ “Палыкавічы”, ставіў мэтаю павысіць прафесійнае майстэрства механізатараў, занятых на ўзворванні глебы, а таксама іх кваліфікацыю і прэстыж сярод моладзі гэтай прафесіі ў сельскагаспадарчых арганізацыях.Кампетэнтнае журы пад старшынствам дырэктара Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых аблсельгасхарча Якава Яроцкага ацэньвала ўдзельнікаў у дзвюх намінацыях, у залежнасці ад тэхнікі, на якой яны працавалі: МТЗ-1221 з 4-корпуснымі ці МТЗ-3022 з 8-корпуснымі абаротнымі плугамі. Пры гэтым асноўнымі крытэрыямі былі: прамалінейнасць і глыбіня першай баразны; захаванне глыбіні ворыва, бакавых межаў; якасць фарміравання звальнага грэбеня; від ворыва зверху; якасць задзелу пажніўных рэшткаў; захаванне межаў заглыблення і пад’ёму рабочых органаў плуга, паваротнай паласы, улічваліся патрабаванні аховы працы.Пасля інструктажу, які правёў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзмітрый Зайцаў, канкурсанты выйшлі ў поле. На выкананне задання давалася 1 гадзіна. Кожны ўдзельнік павінны быў апрацаваць участак даўжынёю 100 метраў, шырынёй – у залежнасці ад маркі і колькасці корпусаў плуга.У выніку пераможцай у першай намінацыі стаў трактарыст-машыніст ААТ “Палыкавічы” Сяргей Макосаў. Дыпломы другой і трэцяй ступені атрымалі механізатары ААТ “АК “Усход” і ААТ “Магілёўская райаграпрамтэхніка” Юрый Ярмоленка і Міхаіл Казакоў адпаведна.У другой намінацыі лідыраваў трактарыст-машыніст ААТ “Цішоўка” Васіль Паршаў, другое і трэцяе месца занялі механізатары ААТ “Фірма “Вейна” Ігар Сівіцкі і ЗАТ “АК “Зара” Сяргей Палушкін.
Пераможцаў цёпла павіншавалі першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Магілёўскага аблвыканкама Міхаіл Юрчанка, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдэль, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Ярошчанка.Вымпелы “Араты-2016 г.” уручыла механізатарам першы сакратар РК ГА БРСМ Марына Ісакава.
У мерапрыемстве прыняў удзел дырэктар ААТ “Палыкавічы” Сцяпан Палоннікаў, які паклапаціўся аб тым, каб гэта зямля стала асабліва гасціннай для кожнага ўдзельніка. Гучалі беларускія народныя песні ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Прыдняпроўе” Палыкавіцкага СДК. Працаўнікі гаспадаркі ветліва запрашалі пакаштаваць смачны халаднік, кашу, гародніну.Тут жа можна было выпіць кубачак чаю.
Увогуле арганізатары з Магілёўскага раёна зрабілі ўсё на высокім узроўні, пачынаючы ад прыгожа аформленых бытавых месцаў. Улічваючы спякотны дзень, было ўволю бутыліраванай вады і нават марожанага.Гэта ўсё ацанілі і ўдзельнікі абласнога конкурсу “Араты-2016”, які прайшоў у той жа дзень. Сведчаннем прэстыжнасці конкурсу, што праводзіцца ў рэгіёне другі раз, стала вялікае прадстаўніцтва высокапастаўленых асоб.Удзел у мерапрыемстве прынялі міністр сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў, першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Чыкіда, старшыня Магілёўскага райвыканкама Анатолій Дуцько, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама Валерый Сямёнаў.Адкрываючы спаборніцтва, Леанід Заяц звярнуў увагу на важнасць мерапрыемства ў сэнсе неабходнасці пастаяннага павышэння прафесійнага майстэрства аратых, ад якіх залежыць будучы ўраджай.Растучую папулярнасць конкурсу, колькасць удзельнікаў якога павялічылася ў гэтым годзе ў 2 разы, адзначыў Віктар Гейдэль.
Што датычыць удзельнікаў, то ім прыйшлося, у самым прамым сэнсе слоў, добра папацець, бо патрабаванні былі вельмі высокія. У выніку сярод канкурсантаў, працаваўшых на МТЗ-1221 з 4-корпуснымі абаротнымі плугамі, лепшыя прафесійныя навыкі прадэманстраваў Віктар Рудзько з КСУП “Жылічы” Кіраўскага раёна. Пераможцай у другой намінацыі стаў Мікалай Кубрыкаў з ААТ “Ляснянскі Агра” Слаўгарадскага раёна.
Васіль Паршаў з ААТ “Цішоўка” нашага раёна заняў трэцяе месца сярод механізатараў, якія ўпраўлялі МТЗ-3022 з 8-корпуснымі абаротнымі плугамі. Міністр сельскай гаспадаркі краіны Леанід Заяц і старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі ўручылі пераможцам дыпломы і сертыфікаты на набыццё электратэхнікі. Віншуючы механізатараў з узнагародамі, Леанід Заяц падкрэсліў: “Кожны, хто прыя-зджае ў Беларусь, па-добраму зайздросціць нашым дагледжаным і прыгожым палям, разнастайнасці вырошчваемых культур. У гэтым вялікая заслуга аратых”.Заўважыўшы, што значную лепту ва ўдасканаленне падыходаў да працы на зямлі ўнесла сучасная тэхніка, міністр сельскай гаспадаркі ў той жа час праінфармаваў аб тым, што да 2020 года плануецца наладзіць вытворчасць трактароў МТЗ з большай магутнасцю. Пры тым стаіць задача не толькі за мінімальныя тэрміны асвоіць гэту тэхніку, але і рацыяналізіраваць метады ўпраўлення земляробствам. “Самы найкаштоўнейшы наш дар – гэта зямля, за лік якой мы сёння жывем!” – сказаў Леанід Заяц.У адрас працаўнікоў хлебнай нівы прагучала шмат добрых слоў і віншаванняў. Заахвочвальныя дыпломы з рук заслужанага трактарыста, Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандра Байкова атрымалі самы малады і самы пажылы ўдзельнікі абласнога конкурсу: 23-гадовы Віктар Толсцік з ААТ “Глускі райагратэхпрамснаб” і Мікалай Чуешаў з ААТ “Зімніца” Слаўгарадскага раёна. Акрамя таго, усе механізатары атрымалі падарункі ад Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, а таксама наборы ключоў.
“Беларуская старонка, мой любімы родны край…” – зазвінела песня над полем. Шчыруй, зямля! Радуй багатым ураджаем дзеля дабрабыту, у імя жыцця!
Святлана ДЗЯДУШКА.
Фота Юліі МАРКОВІЧ.