Герой

Шуткавалі з сябрам перад боем,
Горла драў нам моцны самасад…
Ён, звычайны хлопец, стаў героем,
І навечна – малады салдат.
У цяпле віхурыла “Зямлянка”,
Хтосьці марыў, хтось пісаў лісты,
Гаманіла, думала тальянка,
Хтось драмаў, хтось песціў гнеў святы…
За камандай стала чуйна ціха –
Баявы даводзіўся загад…
Шмат хлябнулі з той высоткай ліха –
Працавалі куля, штык, прыклад…
Ліку не вяла атакам рота –
Значна парадзелы кожны ўзвод,
Залягла каторы раз пяхота –
Трапна б’е фашысцкі кулямёт,
Схованы за моцнай амбразурай,
Не дастаць агнём куль і гармат,
Шчодра абдае свінцовай бурай…
Роце ж трэба выканаць загад!
Сябар пракрычаў: “Ну што, славяне!
Двойчы, як вядома, не памрэш!
Неабходна выканаць заданне,
Бо з сумлення плямы не сатрэш!”
Ён шпурнуў у ворага гранату
І на амбразуру лёг грудзьмі…
Бессмяроцце гэтаму салдату
Дадзена гісторыяй, людзьмі.
І цяпер, у шэрагу герояў,
Хай мінула шмат дзесяткаў год,
Паміж іх заўжды праходзіць строем,
Сябар мой – заве яго народ.

Улад Скамарох.

Добавить комментарий


YouTube
Instagram
Telegram
VK
VK
OK
Tiktok