Гісторыя Магілёўскага раёна: паходжанне вёсак. Гістарычная даведка

На тэрыторыі Магілёўскага раёна знаходзіцца 280 населеных пунктаў. Найбольш гістарычна вядомыя з іх Буйнічы, Палыкавічы, Салтанаўка.

Буйнічы — вёска. На паўднёвай ускраіне размешчана стаянка эпохі мезаліту (8—5 тысячагоддзі да н. э.), а ва ўрочышчы Благадаць гарадзішча ранняга жалезнага веку. Гэтыя помнікі археалогіі сведчаць аб засяленні тутэйшых мясцін у далёкай старажытнасці. Вёска вядома з 15 стагоддзя ў Вялікім княстве Літоўскім як цэнтр буйнога ўладання, што належала князям Фёдару і Льву Талочкавічам-Буйніцкім.

У другой палове 16 стагоддзя полацкі шляхціц Баркулаба Іванавіч Корсак заснаваў на буйніцкіх землях цэнтр уладання Баркалабава, у які ўвайшлі і Буйнічы. У час антыфеадальнага сялянска-казацкага паўстання ў 1595 г. на Буйніцкім полі адбыўся бой паміж казацка-сялянскім атрадам С. Налівайкі і войскамі Вялікага княства Літоўскага. У снежні 1595 г. атрад Налівайкі авалодаў Магілёвам.

У 17—18 стагоддзях Буйнічы —прыватнаўласніцкае мястэчка ў Аршанскім павеце, якое належала Саламярэцкім, Сцяцкевічам, князю А.Г.Палубінскаму, Сапегам. У 1633 г. заснаваны Буйніцкі Святадухаўскі манастыр. У 1630-ыя гады ў мястэчку працавала друкарня С. Собаля, дзе быў надрукаваны «Псалтыр» (1635 г.). У час Паўночнай вайны 1700—1721 гг.каля Буйніч размяшчаўся лагер шведскіх войск на чале з Карлам ХІІ (1708 г.), манастыр быў абрабаваны захопнікамі. Побач з мястэчкам існаваў фальварак, які здаваўся ў арэнду. Пасля далучэння да Расіі частка мястэчка была перададзена Кацярынай ІІ беларускаму намесніку генерал-аншэфу П.Б.Пасеку. У 1878 г.фальварак набыў памешчык М.Марачэўскі. Апошняй уладальніцай маёнтка на пачатку 20 стагоддзя была Г.К.Радкевіч.

У Вялікую Айчынную вайну вёска стала месцам жорсткіх баёў савецкіх воінаў 172-ой стралковай дывізіі і магілёўскіх апалчэнцаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў час абароны Магілёва 1941 г. Найбольш цяжкія баі разгарнуліся на Буйніцкім полі, дзе праходзіў пярэдні край абароны 388-га стралковага палка пад камандаваннем палкоўніка С. Ф. Куцепава. Бітва на Буйніцкім полі адлюстравана ў рамане К. Сіманава «Жывыя і мёртвыя» і дзённіку «Розныя дні вайны». 13—14 ліпеня Сіманаў у якасці карэспандэнта газеты «Известия» знаходзіўся на Буйніцкім полі. Паводле завяшчання Сіманава, яго прах развеяны над Буйніцкім полем.

Палыкавічы-1 — вёска, цэнтр сельсавета (з 20 жніўня 1924 г.). Па пісьмовых крыніцах вядома з 1501 г., калі ў ёй было некалькі крытых саломай курных хат.

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 27 чэрвеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гітлераўцы разрабавалі і спалілі вёску. 94 савецкія воіны загінулі ў баях за вызваленне Палыкавіч і суседніх вёсак. Яны пахаваны ў брацкіх магілах, што на паўночнай ускраіне і на могілках. На заходняй ускраіне пахаваны жыхары Палыкавіч і суседніх вёсак (каля 8 тыс.), якіх у 1941—1944 гг. загубілі акупанты. У памяць аб земляках, што загінулі на франтах, у 1970 г. каля будынка школы пастаўлены помнік.

Вёска — радзіма Героя Савецкага Саюза Я.А.Юрчанкі і Героя Сацыялістычнай Працы А.Р.Пускіна.

Каля вёскі ёсць помнік прыроды рэспубліканскага значэння —Палыкавіцкая крыніца, вада якой мае лекавыя ўласцівасці, апісаная В.Севяргіным у «Запісках падарожжа па заходніх правінцыях Расійскай дзяржавы…» (1803—1804 гг.)

Салтанаўка — вёска. За 1 км на поўнач ад вёскі размешчаны 2 курганныя могільнікі, а за 1 км на поўдзень ад вёскі — 2 стаянкі эпохі неаліту, што сведчыць аб засяленні гэтых мясцін у далекай старажытнасці. Па рукапісных крыніцах вёска вядома з 18 стагоддзя. 11 ліпеня 1812 года каля вёскі адбылася бітва 7-га пяхотнага корпуса генерала Раеўскага з французкімі войскамі маршала Даву. У гонар гэтай бітвы ў 1912 г. пабу-давана капліца, а ў 1962 г. у цэнтры вёскі ўзведзены абеліск.

Добавить комментарий


YouTube
Instagram
Telegram
VK
VK
OK
Tiktok