Ее ученики записывают тик-токи на белорусском языке. Пообщались с молодым учителем из Могилевского района

Традыцыйна 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Аб важнасці гэтага свята можа разважаць любы чалавек – бо практычна з нараджэння людзі пазнаюць родную мову, вучацца думаць і гаварыць на ёй. Але лепш за ўсіх разумеюць яе каштоўнасць майстры слова і настаўнікі, якія прывіваюць сваім вучням павагу і любоў да роднай мовы.

Таму напярэдадні свята мы раскажам пра Паліну МІХАСЬКОВУ, настаўніка беларускай мовы і літаратуры Буйніцкай сярэдняй школы.

Настаўнік…

Паліна Сяргееўна (так вучні называюць педагога) пачала працаваць нядаўна – яна з’яўляецца маладым спецыялістам. Але нягледзячы на невялікі вопыт, ужо паспела зарэкамендаваць сябе з самага лепшага боку. А пачаўся шлях у прафесію ў будучага педагога ў пятым класе. Менавіта тады лёс звёў яе з настаўнікам рускай мовы і літаратуры Ірынай Анатольеўнай Андросавай, якая стала для дзяўчынкі прыкладам для пераймання.

– Я яе вельмі любіла, старалася быць падобнай да яе ва ўсім. І ўжо з дзяцінства часта ўяўляла сябе настаўніцай, – дзеліцца малады спецыяліст.

А калі яшчэ да гэтага дадаць любоў да дзяцей, уласцівую Паліне Міхаськовай, то няма нічога дзіўнага ў тым, што выбар прафесіі быў прадвызначаны, і ў 2020 годзе дзяўчына паступіла ў МДУ імя А.А. Куляшова. Але нягледзячы на тое, што любімая настаўніца выкладала рускае пісьменства, Паліна аддала перавагу беларускай мове і літаратуры:

Выдатна стаўлюся да абедзвюх моў, якія ў нас у краіне з’яўляюцца дзяржаўнымі, але ў нейкі момант зразумела, што мне ўсё ж бліжэй выкладанне беларускай.

У 2024 годзе пачаўся працоўны шлях маладога педагога. Дзяўчына выдатна ўлілася ў дружны калектыў школы, заваявала давер хлопчыкаў і дзяўчынак. І калегі, і вучні гавораць аб ёй як аб адкрытым, добрым і вясёлым чалавеку, гатовым да любых эксперыментаў. Што нядзіўна, бо Паліна Міхаськова чалавек вельмі разнастайны. Спорт і валанцёрская дзейнасць, гатаванне смачнай выпечкі і маляванне – усяму гэтаму ёсць месца ў жыцці педагога. Што ж датычыцца непасрэдна работы, то і тут малады настаўнік, імкнучыся раскрыць усе таленты і здольнасці хлапчукоў і дзяўчынак, стараецца знаходзіць новыя цікавыя формы работы з дзецьмі – як з маленькімі, так і з выпускнікамі. Гэта датычыцца і выхавання ў вучняў любві да роднай мовы. Менавіта таму Паліна Міхаськова прапанавала адзін дзень на тыдзень рабіць днём беларускай мовы (нягледзячы на тое, што школа рускамоўная), і вучні адгукнуліся.

– Мне вельмі прыемна назіраць, як у дзяцей расце цікавасць да добрага ведання беларускай мовы. Для іх гэта становіцца важна і, я б сказала, прэстыжна. Яны нават свае тык-токі на беларускай мове запісваюць, – расказвае настаўнік.

…І паэт

Гаворачы аб захапленнях маладога педагога, мы не назвалі яшчэ адно, якое займае вялікае месца ў жыцці Паліны Міхаськовай і таму патрабуе асаблівай увагі. Справа ў тым, што наша гераіня з дзяцінства піша вершы і прозу (прычым на дзвюх мовах). Вучыць гэтаму і сваіх рабят, нават казкі разам складаюць – напэўна, гэтая сумесная творчасць і прывівае любоў да роднай мовы.

Паэтычныя і празаічныя творы

Паліны Міхаськовай публікуюцца на розных пляцоўках, высока ацэньваюцца чытачамі. А яшчэ слухачамі. Напрыклад, у канцы снежня дзяўчына брала ўдзел у раённым конкурсе «Лепшы малады спецыяліст-2024», дзе заняла ганаровае другое месца, – Паліна ўразіла глыбінёй, мудрасцю і… чытаннем свайго верша, які ўвесь зал слухаў, затаіўшы дыханне.

Снежань мінулага года адзначыўся для настаўніка яшчэ адной важнай перамогай – прымаючы ўдзел у знакамітых Сіманаўскіх чытаннях, настаўнік з Буйніцкай школы стала другой у намінацыі «Пераклад». А прадставіла яна на суд журы пераклад верша Канстанціна Сіманава «Безымянное поле».

…Паліна Міхаськова – малады настаўнік і малады аўтар. І ёй яшчэ трэба прайсці вялікі шлях удасканалення і ў справе выхавання вучняў, і ў станаўленні як моцнай творчай адзінкі. Але відавочна адно – як бы ні склаўся яе лёс, любві да роднай мовы ў яе жыцці заўсёды будзе месца. А пакуль мы пазнаёмім вас, нашых чытачоў, з адным з твораў маладога паэта.

Таццяна АРХІПАВА.
Фота з архіва рэдакцыі.

Успамін пра лета

Пахне жнiвень травою сапрэлаю,
Збожжам высушаным на таку,
Пахне ягадай, слiваю спелаю
I туманам, што лезе ў раку.

Пахне свежай духмянай саломаю –
Водар тмiну ў паветры плыве.
I такi пах з дзяцiнства знаёмы мне –
Праснакi нехта ў печы пячэ.

Дзе-нiдзе жоўцю лiсце кранулася,
I сланечнiк схiлiў галаву.
У гародзе фасоля скруцiлася,
Яблык коцiцца цiха ў траву.

I чарнее, i жухне бульбейнiк.
Агурочныя высахлi градкi.
Гарбузы павылазiлi з ценяў.
Кабачкi ляжаць – як парасяткi.

Уся цыбуля паплецена ў косы,
Пучкi кропу вісяць пад сцяной,
Кружыць бусел над полем бялёсым.
А ў душы – цiшыня i спакой!

У душы так прыемна, лагодна!
Дзянёк сонцам пяшчотным сагрэты.
I няхай ужо змены ў прыродзе,
Для мяне яшчэ доўжыцца лета.

Добавить комментарий


YouTube
Instagram
Telegram
VK
VK
OK
Tiktok