Репортерские заметки сменила на уроки белорусского языка. История Натальи Чабан – педагога из Могилевского района
Ад рэпарцёрскіх нататак да ўрокаў беларускай мовы, ад артыкулаў пра землякоў да стварэння школьнага музея – гэта гісторыя пра тое, як лёс вяртае нас да каранёў. І нагадвае: сапраўднае прызванне – гэта калі любоў да роднага слова, культуры і дзяцей перарастае ў спосаб жыцця.
Нашым самым верным чытачам добра знаёмае імя Наталлі ЧАБАН. Наталля Ігараўна 13 гадоў працавала ў рэдакцыі раённай газеты, дзе была сапраўдным універсалам у журналісцкай прафесіі. У гэты час яна стала не толькі настаўнікам, але і добрым сябрам для многіх маладых журналістаў. Я сама прыслухоўвалася да кожнай яе парады, вучылася ў яе пісаць, працаваць з героямі публікацый, рабіць здымкі. Яна правіла сваёй рукой не адзін мой тэкст і навучыла мяне любіць прафесію.
Слова, якое вучыць
Усё пачынаецца з дарогі. Адной з тых, што здаюцца прамымі, але насамрэч звіваюцца спіралямі лёсу, калі нечакана вяртаюць нас да крыніц – да таго, што закладзена ў душу. Наталля Чабан нарадзілася ў сям’і, дзе педагагічная стыхія бурліла ў жылах некалькіх пакаленняў. Яе бабулі – ліквідатары непісьменнасці, настаўнікі прадваенных гадоў. Бацькі – Тамара і Ігар Кулаковы – аддалі школе не адзін дзясятак год, выхоўваючы ў дачцэ любоў да беларускага слова.
Скончыўшы педінстытут, Наталля Ігараўна ў 1992 годзе прыйшла ў Аўсянкаўскую школу Горацкага раёна, але лёс рыхтаваў ёй іншы шлях. У 2001-м яна ўзяла ў рукі рэпарцёрскі блакнот газеты «Прыдняпроўская ніва». Яе артыкулы пра вясковых старажылаў, народных майстроў, маладых гаспадароў і штодзённыя подзвігі звычайных людзей захоўваюць старонкі нашай газеты.
– Журналістыка навучыла мяне бачыць свет праз гісторыі іншых. Але з гадамі я ўсведамляла: маё месца там, дзе гісторыі ствараюцца, а не запісваюцца, – прызнаецца Наталля Чабан.
Вяртанне: ад рэдакцыі да класа
У 2012 годзе яна зрабіла крок, які шмат хто назваў бы нечаканым: пакінула газету і вярнулася ў школу. Не таму, што здрадзіла справе, а таму, што зразумела: педагогіка – гэта паветра, якім яна дыхае.
Сёння Наталля Ігараўна – настаўнік беларускай мовы ў школе аграгарадка Княжыцы. Яе ўрокі – гэта падарожжы: ад старажытных паэм да сучасных вершаў, ад гукаў роднай мовы да традыцый.
Але прызванне выйшла за межы класа. У 2019 годзе Наталля Чабан стварыла ў школе музейны пакой «Куток беларускіх рамёстваў і традыцый». Сёння гэта не проста збор экспанатаў, але прастора, дзе кожны прадмет мае душу, кожная рэч распавядае гісторыі людзей, якія знайшлі свой шлях і пакінулі след.
Дзе мінулае ажывае
Цэнтрам музейнага пакоя з’яўляецца макет традыцыйнай печы з ухватам і чапялой.
– Печ – гэта не толькі сімвал цяпла і адзінства, але і сэрца сялянскай хаты. Тут і хлеб пяклі, і казкі казалі, і гісторыі перадавалі з пакалення ў пакаленне. Вакол печы сабраны прадметы хатняга ўжытку: драўляны посуд, маслабойка, рэшата, лыжкі, вышытыя ручнікі. Кожны з іх – сведка мінулага, які распавядае пра жыццё і працу нашых продкаў, – кажа Наталля Чабан.
Асаблівае месца ў музейным пакоі займае «Сямейны куток». Тут можна ўбачыць ложак, упрыгожаны посцілкамі і падушкамі, а таксама калыску, падвешаную да столі. Чырвоны кут з абразом Божай Маці, выкананым з бісера, і вышытымі ручнікамі нагадвае пра духоўныя карані беларускага народа. Раздзел «Ткацтва» багаты на саматканыя і вышываныя ручнікі, якія захоўваюць цеплыню рук нашых прабабуляў. Тут таксама прадстаўлены інструменты для ткацтва: кудзеля, часала, матавіла, верацёны і бёрды. У раздзеле «Земляробства» сабраны сельскагаспадарчыя прылады працы – плуг, барана, граблі, сярпы. Яны дазваляюць зразумець, наколькі цяжкім і важным быў працоўны шлях нашых продкаў.
Асаблівае значэнне мае «Куток жыцця беларускай інтэлігенцыі». Тут сабраны прадметы, якія распавядаюць пра культурнае і духоўнае жыццё беларусаў. Прадметы побыту сям’і Наталлі Ігараўны, якія захоўваюць гісторыю яе продкаў, сталі асновай гэтай экспазіцыі.
Музейны куток жыве: тут праводзяцца ўрокі, майстар-класы па вышыўцы, святы.
– Стварэнне і развіццё музея не магло б ажыццявіцца без падтрымкі кіраўніцтва школы і маіх калег. Дырэктар школы, настаўнікі і вучні сталі сапраўднымі паплечнікамі ў гэтай справе. Сюды часта прыносяць новыя рэчы – то куфар з вёскі, то старую фатаграфію. Людзі дораць іх, бо ведаюць: тут іх гісторыя будзе жыць, – кажа заснавальніца музейнага пакоя.
Дынастыя. Мова і лёс
Прызванне Наталлі Чабан – частка больш глыбокай гісторыі. Яе сям’я – гэта ланцуг з чатырох пакаленняў педагогаў. Бабулі і дзядуля, бацькі, цётка, сястра і дачка, якія працягваюць справу.
– Здаецца, не мы выбіралі прафесію – яна выбірала нас, – смяецца Наталля Ігараўна.
Яе сям’я – гэта ўвасабленне сапраўднай вясковай інтэлігенцыі, якая быццам сышла са старонак кніг класічнай літаратуры. Нягледзячы на сціпласць вясковага побыту, яны заўсёды неслі ў сабе той асаблівы светач, які ператварае адукацыю не ў прафесію, а ў спосаб жыцця.
Наперад – да каранёў
Гісторыя Наталлі Чабан, гісторыя жанчыны, якая знайшла свой шлях праз журналістыку, педагогіку і адданасць роднай мове. Яе жыццё – доказ таго, што прызванне не выбіраюць. Яно нараджаецца з каранёў, пераплятаецца з лёсам продкаў і квітнее там, дзе чалавек адважваецца быць сабой.
– Прызванне – гэта не прафесія, а стан душы, – кажа мая субяседніца.
Яе шлях – гэта спіраль, дзе мінулае і сучаснае зліваюцца. Сёння яна – настаўнік, сапраўдны музейны стваральнік, захавальнік традыцый. Але галоўнае – яна чалавек, чые словы і справы нагадваюць: калі ідзеш да сябе, дарога рана ці позна прыводзіць да дома.
– Калі робіш тое, што любіш, праца перастае быць працай. Яна становіцца творчасцю. Споведдзю, – кажа Наталля Ігараўна. – І гэтая споведзь – лепшы ўрок для тых, хто шукае свой шлях. Бо ўрэшце, усе дарогі сапраўды вядуць да сябе.
Юлія ЛУНЁВА.
Фота аўтара.